НАРО́ДНАЯ ЭТЫМАЛО́ГІЯ,

пераасэнсаванне семантычна незразумелых слоў пры дапамозе іх збліжэння са знешне падобнымі, але інш. паходжання словамі роднай мовы. Напр., бел. дыялектнае «лавец» — ражончык, завостраны дубчык, на які чапляюць сала, калі смажаць яго на агні, — атаясамліваецца з «лавіць», хоць яно паходзіць з «ламец», «ламіна»; дзіцячае слова «гудзільнік» («будзільнік») — з «гудзець»; «мазелін» («вазелін») — з «мазаць». На Н.э. пабудаваны шматлікія легенды пра паходжанне бел. рэчак, азёр і населеных пунктаў. Напр., назва «Гомель» нібыта паходзіць ад слоў «го! мель!», якія крычаў чалавек на беразе р. Сож, папярэджваючы пра мель. Упершыню тэрмін «Н.э.» ўвёў Э.​Фёрстэман (1852). Некаторыя мовазнаўцы ўжывалі інш. тэрміны: наіўная (несапраўдная) этымалогія, лексічная (лексічна-семантычная) асіміляцыя, паранімічная атракцыя, этымалагічная рэінтэрпрэтацыя.

І.​І.​Лучыц-Федарэц.

т. 11, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)